smalianchuk-ales- Які історики/книжки справили найбільший вплив на Ваше формування як науковця?

Я вучыўся на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту з 1976 па 1981 г. Як і на іншых гістарычных факультэтах правінцыйных універсітэтаў часоў СССР, навуковая складовая ў вучэбных праграмах была мінімальнай і цалкам падначаленай камуністычнай ідэалогіі. Дарэчы, прыгадаць, што ў тыя часы менавіта гістарычныя факультэты рыхтавалі будучых работнікаў камсамольскіх і камуністычных арганізацый.

Але ў Гродзенскім універсітэце былі выкладчыкі, якія ўласнай жыццёвай і навуковай пазіцыяй супрацьстаялі дамінуючай “савецкасці”. Хачу назваць імёны прафесара Усэра Разэнфельда, дацэнтаў Фелікса Налівайкі, Васіля Бандарэнкі, Міхася Ткачова (рэдкі выпадак нацыянальна арыентаванага беларускага выкладчыка ў тыя гады!). Падчас пазнейшай вучобы ў аспірантуры Акадэміі навук Беларусі (пачатак 90-х гг.) вельмі важнай постаццю ў маёй навуковай біяграфіі быў прафесар Міхась Біч. Менавіта гэтыя людзі абудзілі цікавасць да гісторыі як навукі…

А сярод найбольш важных тэкстаў, якія дапамаглі зразумець адметнасць і спецыфіку гісторыі і выбраць навуковы шлях, былі славутая “Апалогіі гісторыі або рамяство гісторыка” Марка Блока, “Сацыялістычная гісторыя Французскай рэвалюцыі Жана Жарэса, артыкулы расійскага гісторыка Юрыя Афанасьева часоў Перестройки, а таксама публікацыі беларускіх даследчыкаў Міколы Улашчыка і Міколы Ермаловіча.

  - Які Ви бачите перспективи для білорусистики в європейській науці? Зокрема, у таких структурах, як Європейський гуманітарний університет у Вільнюсі, де Ви також викладаєте?

Беларусістыка ў еўрапейскай навуцы перажывае складаны перыяд. Працяглае існаванне палітычнага рэжыму на чале з А.Лукашэнкам з характэрнай для яго палітыкай культурнай русіфікацыі і самаізаляцыі, істотна затрымала развіццё беларусістыкі ў сваёй краіне. Адпаведна істотна зменшылася цікавасць да беларускай праблематыкі еўрапейскіх гуманітарыяў, якая была відавочнай на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя. 

Характарызаваць перспектывы беларусістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце таксама няпроста. Беларусь як пэўны палітычны феномен, безумоўна, знаходзіцца ў цэнтры даследчай увагі выкладчыкаў універсітэту. Аднак беларусістыка ў традыцыйным разуменні гэтага тэрміну, г.зн. як комплекс даследаванняў беларускай гісторыі, культуры, мовы і г.д. у ЕГУ была і застаецца маргінальнай сферай. Намаганні выкладчыкаў праграмаў “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія”, “Паліталогія” па развіццю традыцыйнай беларусістыкі, паступоваму пашырэнню ў ЕГУ беларускай мовы як мовы выкладання і камунікацыі, на жаль, не знайшлі падтрымкі ні сярод адміністрацыі, ні сярод большасці калегаў. Ідэя, што шлях у Еўропу для беларусаў можа (і павінен!) ісці праз развіццё ўласнай культуры, мовы і гісторыі як неад’емнай часткі еўрапейскай цывілізацыі, тут пакуль не прыжылася. Складваецца ўражанне, што наступствы палітыкі дэнацыяналізацыі, якая дамінавала на беларускай зямлі на працягу двух апошніх стагоддзяў (за выключэннем вельмі кароткіх гістарычных перыядаў), успрымаюцца гэтымі калегамі як пэўная гістарычная заканамернасць…

- Чи підтримуєте Ви зв’язки із «офіційною» наукою на Батьківщині? У чому Ви вбачаєте шанси на розвиток гуманітарних наук в Білорусі?

Кантакты на “афіцыйным” узроўні цалкам адсутнічаюць. Сёння ніводны дзяржаўны чыноўнік, у т.л. нават універсітэцкія клеркі, не пойдзе на афіцыйны кантакт з прафесарам “апазіцыйнага” ЕГУ. У іншым выпадку ён рызыкуе ўласным месцам працы.

Падтрымліваю “неафіцыйныя” адносіны з многімі гісторыкамі, якія працуюць у дзяржаўных структурах, і спрабуюць супрацьстаяць выразнаму курсу на рэсаветызацыю вышэйшай адукацыі. На жаль, яны не могуць цалкам раскрыць уласны навуковы патэнцыял і павінны ісці на пэўныя кампрамісы… Вельмі часта гэта абарочваецца асабістай трагедыяй і маральнай дэградацыяй асобы, якая непазбежна вядзе да дэградацыі прафесійнай. У Беларусі нярэдкая сітуацыя, калі дзеля захавання пасады чалавек ахвяруе грамадзянскай пазіцыяй і ператвараецца ў прыдатак да крэсла начальніка.

Развіццю гуманітарных навук у Беларусі перашкаджае адсутнасць элементарнай свабоды навуковага даследавання. Большасць беларускіх гуманітарыяў у дзяржаўных і прыватных універсітэтах арыентуюцца не на актуальныя патрэбы навукі, а на прыярытэты дзяржаўнай ідэалогіі. Сёння моцна пашырылася практыка сумнавядомай з савецкіх часоў “унутранай цэнзуры”. Звычайна, яна дзейнічае больш “эфектыўна, чым цэнзура знешняя. Нават сярод універсітэцкай эліты пануе боязь страціць давер высокага начальніка…

Таксама трэба адзначыць слабасць інстытуцыянальных падставаў існавання навуковай супольнасці. У Беларусі яны не паспелі сфармавацца. У выніку навуковая супольнасць, практычна, не ажыццяўляе функцыю карпаратыўнага самакантролю. Адпаведна існуюць вялікія праблемы з тым, што можна назваць карапаратыўнай салідарнасцю.

Шансы на развіццё гуманітарных навук я звязваю пераважна з дзейнасцю незалежных ад дзяржаўнага кантролю акадэмічных і навуковых цэнтраў, грамадскіх арганізацый.

- Як Ви оцінюєте білорусько-українські наукові контакти? Що можна і варто зробити для їх розвитку?

Беларуска-ўкраінскія навуковыя кантакты асабліва ў галіне гуманітарных навук маюць эпізадычны характар. Прынамсі, так яны выглядаюць на фоне кантактаў беларускіх і ўкраінскіх навукоўцаў, напрыклад, з польскімі калегамі. Хоць, зразумела, што не апошнюю ролю тут адыгрываюць фінансавыя магчымасці польскіх універсітэтаў.

У кастрычніку мінулага году мне давялося ўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі Акадэміі навукі Украіны, а таксама ва ўрачыстасцях, што адбываліся ў сценах Інстытута. Найбольш быў уражаны тым, што аказаўся на гэтым юбілеі адзіным (!) прадстаўніком беларускай навукі. Чаму так атрымалася? Думаю, што не апошнюю ролю адыгрывае адметнасць палітычнага развіцця Украіны. Пры ўсіх праблемах уласнага палітычнага жыцця паўднёвая суседка Беларусі ўсё ж развіваецца як дэмакратычная краіна. Адпаведна, з пункту гледзішчы звычайнага беларускага чыноўніка ад ідэалогіі кантакты беларускіх навукоўцаў з украінскімі калегамі могуць аказацца “небяспечнымі”.

Калі ж адкінуць пэўныя палітычныя перашкоды, якія для навукоўцаў усё ж не павінны мець вызначальнага характару, то трэба прызнаць, што беларускія гуманітарыі вельмі слаба арыентуюцца ў навуковых поспехах і праблемах калегаў з суседняй краіны. Тое ж можна сказаць і пра веданне ўкраінскімі навукоўцамі сітуацыі ў Беларусі.

- Уже від кількох років Ви редагуєте щорічник Homo Historicus? Яка основна мета і аудиторія цього видання? Яким сюжетам будуть присвячені його нові числа?

Гадавік антрапалагічнай гісторыі Homo Historicus задумваўся як свайго роду навуковая майстэрня па пашырэнню антрапалагічнага мыслення ў аналізе беларускага мінулага. Для рэдакцыі гадавіка было і застаецца найважнейшай мэтай пэўнае ачалавечванне гісторыі, імкненне даследаваць мінулае праз чалавека, крытычна разглядаючы стэрэатыпы і генералізаваныя схемы. Даследчая ўвага канцэнтруецца на трансфармацыях у галіне культуры, палітыкі і сацыяльных адносінаў. Важнай мэтаю таксама з’яўляецца падтрымка міждысцыплінарнасці і метадалагічнага разняволення даследаванняў па гісторыі праз выкарыстанне напрацовак сучаснай гуманістыкі, у т.л. сацыяльнай антрапалогіі, этналогіі, сацыялогіі, паліталогіі і г.д. Не апошнюю ролю для нас адыгрывае рэфлексія навукоўца над уласнымі даследчымі метадамі і значэннем тых ведаў, якія ён здабывае або стварае з іх дапамогай.

Аўдыторыя гадавіка даволі разнастайная. Рэдакцыя імкнецца ахапіць досыць шырокае кола чытачоў, якіх цікавяць сацыяльныя праблемы ў беларускай гістарычнай рэтраспектыве.  

На пачатку 2012 г. выйдзе з друку чарговы том гадавіка (Homo Historicus 2012). Традыцыйная для гадавіка праблема Чалавека ў гісторыі будзе спалучаная з даследаваннямі ў галіне міфалогіі, калектыўнай памяці і свядомасці, прэзентацыяй невядомай Беларусікі ў архівах і бібліятэках Літвы. Расіі і Ізраіля. Сярод аўтараў вядомыя беларускія і замежныя навукоўцы, у т.л. айцец Аляксандр Надсан (Лондан) Міраслаў Грох (Прага), Фрэдрык Барт (Осла), Юзаф Абрэмбскі і Ганна Энгелькінг (абодва Варшава), Макота Хаясака (Токіо), Амір Вайнер (Стэнфард), Вольга Бабкова, Ірына Дубянецкая і Вольга Лабачэўская (усе Мінск).

- Які напрямки сучасного гуманітарного знання Вам видаються перспективними і цікавими?

У галіне гістарычнай навукі хачу вылучыць праблематыку сацыяльнай гісторыі, мікрагісторыі, гісторыі сям’і, біяграфістыкі, гісторыі штодзённасці, праблемаў гістарычнай памяці/забыцця (у т.л. вуснай гісторыі і праблемы месцаў памяці), гісторыі ментальнасці, ідэяў, міфаў.

- Яка методологія історичного дослідження найближча Вашим науковим зацікавленням? І чи відчуваєте Ви себе приналежним до якоїсь наукової школи чи напрямку?

У апошнія гады імкнуся працаваць у рэчышчы антрапалагічнай гісторыі, імкнучыся выкарыстаць пэўныя метады даследаванняў, прапанаваныя еўрапейскімі медыевістамі, для вывучэння гісторыі Беларусі ХІХ – ХХ ст.

- Розкажіть, будь ласка, над якою саме дослідницькою проблемою Ви зараз працюєте?

Ужо даўно не атрымліваецца займацца толькі адной даследчай праблемай. Апошнім часам апроч вялікай рэдактарскай працы (Homo Historicus, Гістарычны альманах (разам з Алесем Краўцэвічам), Горад святога Губерта (разам з Андрэем Вашкевічам), Гарадзенскі палімпсест (разам з Наталляй Сліж) ды інш.) працягваю даследаванне ў галіне вуснай гісторыі (праект “ХХ стагоддзе ў памяці беларусаў”, Беларускі архіў вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org)), займаюся вывучэннем біяграфіі прэм’ер-міністра БНР (1918) Рамана Скірмунта і ў сувязі з гэтым цікаўлюся феноменам “краёвай ідэалогіі” пачатку ХХ ст., а таксама курырую праект па сацыяльнай гісторыі Гродна.